Гістарычны музей “Беларуская хата”

Этнаграфічны музей “Беларуская хата” быў заснаваны на базе дзяржаўнай установы адукацыі  “Сярэдняя школа № 10 г. Жлобіна” ў 1990 годзе.

Плошча музея – 53 м2. Музей займае 2 пакоі.   

У музеі ёсць 2 раздзелы экспазіцыі: “Гісторыя і культура роднага краю”,         “Беларуская хата”.

Асноўны фонд экспанатаў музея – 285 адзінак.

Навукова-дапаможны фонд – 113 адзінак.

Асноўны фонд музея папаўняецца штогод. Вучні і іх бацькі, родныя, настаўнікі школы перадаюць экспанаты музею. Кожны экспанат прымаецца па акту і запісваецца ў “Кнігу ўліку экспанатаў”.

Найбольш цэнныя экспанаты музея: кросны (пач. ХХ ст.), ікона (1903г.), нажніцы (~ XV ст.), дыван (30-я гг.XX ст.), абрус, посцілка тканая.

Пры знаёмстве з першай экспазіцыяй музея “Гісторыя і культура  роднага краю” можна даведацца аб гісторыі ўзнікнення горада Жлобіна, занятках і прыладах працы нашых продкаў, народных промыслах, якія мелі развіццё на Жлобіншчыне, набыць звесткі пра знакамітых людзей Беларусі і роднага краю.

Тут знаходзяцца падарункі музею ад вучняў школы, матэрыялы праектаў па гісторыі і культуры Беларусі, выкананыя вучнямі. Шырока прадстаўлена калекцыя ручнікоў і вышыванак.

Другая экспазіцыя “Беларуская хата” расказвае пра беларускую хату пачатку XX стагоддзя, побыт беларусаў, асаблівасці вядзення гаспадаркі, прадстаўляе прадметы розных рамёстваў. Тут што ні экспанат, то гісторыя. Ганчарныя вырабы, самаробны посуд, ручнікі, вышыванкі, саматканыя посцілкі, абрусы і многае іншае даюць уяўленне пра тое, як жылі, працавалі нашы прабабулі і прадзеды.

Экспазіцыя змяшчае макет печы, бабін кут з посудам, кросны, калаўрот, куфар, палаці, стол і лавы. Вокны ўпрыгожваюць вышываныя гафтам фіранкі. На палацях – вышываны падзорнік, тканая посцілка, падушкі, накрытыя накідкай.

 

Работа вучняў-экскурсаводаў у музеі

З вучняў 7, 9 класаў створана група экскурсаводаў. Пад кіраўніцтвам загадчыка музея Рашук Алены Міхайлаўны вучні-экскурсаводы вывучаюць экспанаты музея, адшукваюць інфармацыю аб іх, пішуць тэксты экскурсій, праводзяць экскурсіі для вучняў школы. Яны таксама папаўняюць музей экспанатамі, даглядаюць рэчы. Экскурсаводы дапамагаюць кіраўніку музея арганізоўваць выставы і мерапрыемствы з выкарыстаннем экспанатаў музея. Вучні працуюць над праектамі “Музей у чамадане “Беларускі ручнік”, “Музей у чамадане “Гісторыя праса”. Зрабілі выставы “Беларускі ручнік”, “Ганчарства”, “Ёлачная цацка маіх бацькоў”, “Посуд. Ад старажытнасці да нашых дзён”, “Ткацтва”, “Промыслы і рамёствы роднага краю”.

 

Работа вучняў-лектараў у музеі

Пры музеі створана лектарская група з вучняў 7, 9-ых класаў. Яны выступаюць з лекцыямі перад вучнямі ўсіх класаў школы. Самастойна напісалі тэксты выступленняў на тэмы: “Наш абярэг”, “Восеньскія святы беларусаў”, “Зімовыя святы беларусаў”, “Вясновыя святы беларусаў”, “Ткацтва”, “Вышыўка”, “Сямейны побыт беларусаў”, “Што малое зносіць…”, “Якая яда, такая хада”, “Дзень беларускага пісьменства”.

 

Дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Беларусазнаўства”

Аб’яднанне па інтарэсах “Беларусазнаўства” дзейнічае на базе музея 8 гадоў. Мэта выкладання беларусазнаўства ў школе – накіраваць і арганізаваць імкненне школьнікаў да самапазнання, дапамагчы ім атрымаць па магчымасці поўныя веды аб мясцовасці, дзе яны нарадзіліся і жывуць, вызначыць адметнасць і самабытнасць культурнага асяроддзя, што іх акружае, паказаць значнасць яго для нацыянальнай і агульначалавечай культуры, выхаваць адказнасць за захаванне гістарычнай спадчыны.   На занятках аб’яднання вучні знаёмяцца з матэрыяльнай культурай беларусаў. Вывучаюць этнаграфію і дойлідства беларусаў і звязаныя з імі рамёствы, раскрываюць нацыянальныя і рэгіянальныя рысы народнага жытла, побыту, святаў, абрадаў. Вучні далучаюцца да нацыянальнай культуры, узбагачаюць свае веды аб жыцці продкаў.  Гурткоўцамі распрацоўваюцца праекты па даследаванні, адраджэнні, захаванні, прапагандзе і папулярызацыі мясцовых культурных традыцый, сістэматызуюцца веды аб гісторыі, культуры і прыродзе малой радзімы. У аб’яднанне прыйшлі зацікаўленыя вучні, якія захапляюцца культурай роднага краю, прапагандуюць мясцовыя традыцыі. З іх ліку створаны лектарская група музея і група вучняў- экскурсаводаў.

 

Метадычная работа музея

Кожны год у музеі праводзяцца тэматычныя выставы: “Народныя промыслы і рамёствы беларусаў”, “Ёлачная цацка маіх бацькоў”, “Беларускі ручнік”, творчых работ вучняў у тэхніцы саломапляцення, вышыўкі, лепкі з гліны і інш. На базе музея праходзяць класныя і школьныя мерапрыемствы на Тыдні беларускай мовы і літаратуры, у Дзень роднай мовы. У музей прыводзяць на ўрокі сваіх вучняў настаўнікі пачатковай школы, беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, працоўнага навучання. Заняткі ў музеі праводзяць як самі настаўнікі, так і кіраўнік музея Рашук Алена Міхайлаўна. Многія настаўнікі школы карыстаюцца экспанатамі музея на сваіх уроках па вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі. Экспанаты і матэрыялы музея выкарыстоўваюцца для напісання навукова-даследчых работ вучняў.

Кіраўніком музея пастаянна вядзецца “Кніга ўліку экспанатаў музея”, афармляюцца акты прыёму новых экспанатаў, створана папка “Лекцыі”, напісаны тэксты экскурсій, збіраецца матэрыял для правядзення заняткаў гуртка “Беларусазнаўства”. Экспанаты музея знаходзяцца ў станоўчым выглядзе, робіцца пастаянны догляд за імі.

Штогод дырэктар школы правярае дзейнасць музея, дае рэкамендацыі: папаўняць калекцыю музея новымі экспанатамі, абнаўляць экспазіцыі музея. Пры музеі створаны Савет музея, у склад якога ўваходзяць загадчык музея, адказны за метадычную работу, кіраўнік гуртка “Беларусазнаўства”, экскурсавод музея Рашук Алена Міхайлаўна, намеснік дырэктара школы па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Карпушэнка Ала Георгіеўна, члены Савета  музея – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школы. Кіраўніком музея Рашук А.М. складаецца план работы музея на год .

У 2020/2021 навучальным годзе на базе музея працуюць 4 аб’яднанні па інтарэсах: “Беларусазнаўства” (кіраўнік Рашук А.М.), “Краязнаўства” (кіраўнік Рашук А.М.), “Спадчына” (кіраўнік Новікава І.Г.), “Вербіца” (кіраўнік Новікава І.Г.).Заняткі праводзяцца ў шосты школьны дзень (суботу) па зацверджаных планах, згодна з графікам работы аб’яднанняў.

1.Агульныя палажэнні

1.1. Гістарычны музей “Беларуская хата” (далей – Музей) з’яўляецца структурным падраздзяленнем дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 10 г. Жлобіна” (далей – Установа).

1.2. Юрыдычны адрас музея: 247210, Рэспубліка Беларусь, г. Жлобін, мікрараён 16, дом 43, 3 паверх, кабінет 3-1.

1.3. Музей у сваёй дзейнасці кіруецца Законам РБ “Аб музеях і музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”, Палажэннем аб музеі ўстановы адукацыі, Інструкцыяй аб парадку стварэння і адкрыцця музеяў і экспазіцый і іншымі дзяржаўнымі нарматыўнымі актамі, а таксама дадзеным Палажэннем.

1.4. Экспанаты, якія захоўваюцца ў музеі, з’яўляюцца агульнанацыянальным набыткам і належаць дзяржаўнаму ўліку ва ўстаноўленым парадку.

2. Мэты і задачы музея

2.1. Выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці. Павышэнне культурнага ўзроўню вучняў.     

2.2. Арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу.

2.3. Знаёмства вучняў з гісторыяй і культурай роднага краю.

2.4. Фарміраванне жадання прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна.

2.5. Стварэнне сістэмы экспазіцый музея, лекцый, экскурсій.

2.6. Правядзенне культурна-асветніцкай работы як у школе, так і за яе межамі.

2.7. Развіццё творчых магчымасцей дзяцей.

2.8. Выхаванне агульначалавечых, духоўных і культурных каштоўнасцей.

2.9. Прыцягненне бацькоў да дзейнасці музея.

3. Арганізацыя дзейнасці музея

3.1. Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю музея ажыццяўляе кіраўнік установы адукацыі – дырэктар школы:

3.1.1. ажыццяўляе непасрэдны кантроль за арганізацыяй дзейнасці школьнага музея;

3.1.2. назначае прыказам па школе кіраўніка музея з ліку педагагічных работнікаў;

3.1.3. нясе адказнасць за забеспячэнне ўмоў захаванасці музейнага фонду;

3.1.4. кіруе фарміраваннем адзінай сістэмы школьнага музея ва ўсёй структуры ўстановы адукацыі.

3.2. Работа музея арганізуецца на аснове самакіравання. Кіруе ёю Савет музея, у які ўваходзяць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання, педагогі дадатковай адукацыі.

3.3. Непасрэднае кіраўніцтва практычнай дзейнасцю музея ажыццяўляе кіраўнік школьнага музея, які назначаецца дырэктарам установы адукацыі:

3.3.1. камплектуе і арганізуе работу вучнёўскага актыву музея;

3.3.2. ажыццяўляе пошукавую, збіральную, уліковую, зберагальную, экскурсійную і выставачную работы;

3.3.3 падтрымлівае сувязь з іншымі школьнымі музеямі раёна, гарадскім краязнаўчым музеем, раённай бібліятэкай;

3.3.4. вядзе ўлік экспанатаў, забяспечвае іх сістэматызацыю, правільнае захаванне і экспанаванне;

3.3.5. нясе адказнасць за работу музея па інфармаванню педагагічнага калектыва і вучняў школы аб дзейнасці музея;

3.3.6. складае план работы музея, рыхтуе вучняў- экскурсаводаў і вучняў- лектараў, праводзіць мерапрыемствы, арганізоўвае тэматычныя выставы, разам з вучнямі прымае ўдзел у вучэбна-практычных канферэнцыях, выпусках буклетаў і іншай рэкламнай прадукцыі.

3.4. Савет музея абмяркоўвае асноўныя пытанні дзейнасці музея, разглядае план работы музея, прымае ўдзел у педагагічных саветах.

3.5. Фінансавыя мерапрыемствы ажыццяўляюцца за кошт бюджэтных сродкаў установы адукацыі.

4. Парадак рэарганізацыі і ліквідацыі музея

Пытанні аб рэарганізацыі (ліквідацыі) школьнага музея , а таксама аб лёсе яго калекцый рашае педагагічны савет установы адукацыі і адміністрацыя ўстановы адукацыі па ўзгадненню з раённым аддзелам адукацыі.

Рашук Алена Міхайлаўна

Кіраўнік музея, аб’яднанняў  па інтарэсах “Беларусазнаўства”, “Краязнаўства”, экскурсавод, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Карпушэнка Ала Георгіеўна

Намеснік дырэктара школы па  выхаваўчай рабоце, кансультант па метадычнай рабоце музея

Новікава Ірына Георгіеўна

Кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах “Спадчына”, “Вербіца”

Астапенка Ірына Генадзьеўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Давыдзенка Алена Рыгораўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Ларывонава Аксана Міхайлаўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Муравейка Надзея Адамаўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Пеўнева Таццяна Іванаўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Лебедзева Наталля Сяргееўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Канцэпцыя вызначае агульныя палажэнні, мэты і задачы, прынцыпы работы музея, асноўныя накірункі музея.

Музей – гэта праваднік паміж прошлым і будучым. Экспанаты музея з’яўляюцца цудоўным зрэзам таго жыцця, якое было раней і якое працякае сёння. Музей з’яўляецца адной з форм дадатковай адукацыі, якая праяўляецца ў развіцці сацыяльнай актыўнасці вучняў, іх творчай ініцыятывыі самадзейнасціў працэсе збору, даследавання, апрацоўкі, афармлення і прапаганды прадметаў матэрыяльнай культуры, якія маюць выхаваўчую, навуковую і пазнаваўчую каштоўнасць.

Музей быў створаны як цэнтр па патрыятычнаму выхаванню вучняў пасродкам іх актыўнага ўключэння ва ўсебаковае вывучэнне гісторыі, культуры і побыту сваёй малой радзімы. Першыя экспанаты падарылі музею настаўнікі школы, вучні, іх бацькі і родныя. Настаўнікі працоўнага навучання зрабілі стол, лавы, палаці і макет печы. Жлобінскі краязнаўчы музей перадаў наглядны матэрыял і макет беларускага паселішча XIV – XV стагоддзяў.

Мы імкнемся даць наведвальнікам інфармацыю аб жыцці і побыце нашых продкаў, знаёмім з народнымі промысламі, традыцыямі, абрадамі, святамі, гісторыяй і культурай Жлобіншчыны. Усё гэта дапаможа вырашэнню  галоўнай мэты – дасягнуць таго, каб дзеці ўбачылі ў кожным экспанаце вопыт прошлых пакаленняў, асазналі сябе пераемнікамі традыцый продкаў.

        Савет музея праводзіць вялікую культурна-асветніцкую работу ў школе і раёне, падтрымлівае сувязь з іншымі школьнымі музеямі раёна і гарадскім краязнаўчым музеем. Кіраўнік музея і вучні-экскурсаводы працуюць з фондамі музея, даглядаюць экспанаты, вывучаюць музейныя прадметы і апісваюць іх.

Музей садзейнічае фарміраванню ў вучняў грамадзянска-патрыятычнага выхавання, пашырае кругагляд, выхоўвае пазнаваўчыя інтарэсы, спрыяе авалодванню вучнямі практычнымі навыкамі пошукавай і даследчай дзейнасці.

 

МЭТА СТВАРЭННЯ МУЗЕЯ: выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці; павышэнне культурнага ўзроўню вучняў.

 

ЗАДАЧЫ:

арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу;

знаёмства вучняў з гісторыяй і культурай роднага краю;

фарміраванне жадання прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна;

стварэнне сістэмы экспазіцый музея, лекцый, экскурсій;

правядзенне культурна-асветніцкай работы як у школе, так і за яе межамі;

развіццё творчых магчымасцей дзяцей;

выхаванне агульначалавечых, духоўных і культурных каштоўнасцей;

прыцягненне бацькоў да дзейнасці музея.

 

ЗМЕСТ

1.Пошукава-краязнаўчая работа

Збор прадметаў быту, рэчаў, якія даюць уяўленне пра інтэр’ер традыцыйнай беларускай хаты. Стварэнне макетаў беларускай хаты, канструкцый хаты і рэчаў інтэр’еру хаты.

2.Навукова-даследчая і выхаваўча-прапагандысцкая дзейнасць

Сумеснае планаванне дзейнасці музея і вучнёўскага актыву (дзейнасць вучняў-экскурсаводаў і вучняў- лектараў).

Збор неабходных матэрыялаў, якія раскрываюць гісторыю паходжання і асаблівасці выкарыстання экспанатаў музея.

Правядзенне экскурсій, бясед, лекцый, гульняў.

Праектная дзейнасць.

Сустрэчы са знакамітымі людзьмі раёна.

Папаўненне фондаў музея, іх сістэматызацыя і захаванне.

Творчыя справаздачы.

3.Творчасць вучняў

Правядзенне выстаў, дэманстрацыя экспанатаў музея.

Удзел у творчых конкурсах раёна.

4. Метадычная работа

Выступленні на педагагічных саветах.

Індывідуальныя кансультацыі па правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з гісторыяй роднага краю, побытам, святамі, абрадамі беларусаў.

Збор бібліятэкі, метадычных матэрыялаў па культуры Беларусі.

Сувязь з музеямі ўстаноў адукацыі раёна, гарадскім краязнаўчым музеем.

5. Адукацыйна-выхаваўчая работа

Развіццё пазнаваўчых інтарэсаў і творчых магчымасцей вучняў.

Удзел у пошукавай дзейнасці : збор экспанатаў, стварэнне творчых работ, удзел у канферэнцыях.

Удзел у арганізацыі школьных мерапрыемстваў па тэматыцы музея.

Арганізацыя наведвання вучнямі музеяў, выстаў і інш. мерапрыемстваў.

6. Работа з фондамі

Вядзенне кніг уліку экспанатаў.

Даследаванне і апісанне экспанатаў.

Догляд за экспанатамі.

7. Патрабаванні да музея

Даступнасць.

Асацыятыўнасць.

Нагляднасць.

Рацыянальнасць выкарыстання плошчы.

Інтэрактыўнасць і поліфункцыянальнасць музейнай прасторы.

 

Асноўныя накірункі работы музея

 

Экскурсіі: “Беларуская хата”, “Гісторыя і культура роднага краю”, “Народныя промыслы”, “Культура прыняцця ежы на Беларусі”.

Лекцыі: “Наш абярэг”, “Восеньскія святы беларусаў”, “Зімовыя святы беларусаў”, “Вясновыя святы беларусаў”, “Летнія святы беларусаў”, “Ткацтва”, “Вышыўка”, “Сямейны побыт беларусаў”, “Што малое зносіць…”, “Якая яда, такая хада”, “Гісторыя ўзнікнення ёлачнай цацкі”.

Праекты: “Музей у чамадане “Беларускі ручнік”, “Музей у чамадане “Гісторыя праса”, “Музей у чамадане “Посуд. Ад старажытнасці да сучаснасці”.

Выставы: “Беларускі ручнік”, “Ганчарства”, “Беларускія стравы”, “Рамёствы роднага краю”, “Ёлачная цацка маіх бацькоў”, творчых работ вучняў і іх бацькоў.

Сцэнічнае ўвасабленне народных свят: Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Багач.

Работа аб’яднанняў па інтарэсах на базе музея (“Беларусазнаўства”, “Краязнаўства”, “Вербіца”, “Спадчына”).

Вынікамі работы музея “Беларуская хата” павінны стаць:

— дзейнасць музея як цэнтра па патрыятычнаму выхаванню вучняў пасродкам іх актыўнага ўключэння ва ўсебаковае вывучэнне гісторыі, культуры і побыту сваёй малой радзімы;

— папаўненне фондаў музея новымі экспанатамі;

— правядзенне тэматычных выстаў;

— паляпшэнне камунікатыўных навыкаў вучняў;

— удзел у профільных конкурсах;

— творчыя справаздачы аб зробленай рабоце;

— вяденне кнігі водзываў;

— якаснае вядзенне кніг уліку экспанатаў;

— актывізацыя вучнёўскага актыву музея.

Ва ўсе часы існавалі прылады для прасавання бялізны і адзення. Вы ўсе добра ведаеце, што сёння рэч, якой мы робім роўнае адзенне і бялізну называецца прас.

 Гісторыя праса пачалася вельмі даўно. Спачатку для прасавання адзення выкарыстоўвалі плоскі камень. Вільготнае адзенне прыціскалася каменем і, сохнучы, пазбаўлялася складак. У даўнія часы сяляне паўсядзённае адзенне не прасавалі. Памыюць,   высушаць – і пайшлі па сваіх справах. Прасавалі святочныя ўборы. А вось шляхта насіла толькі добра адпрасаванае адзенне.

 Затым былі прыдуманы качалкі (дэманструюцца качалкі). Гэта прыстасаванне нагадвае сабой рыфлёную дошку. Рэч, якую трэба выпрасаваць, намотвалася на тоўстую палку, зверху прыціскалася рыфлёнай дошкай і качалася па сталу. Эфект быў цудоўны. Дарэчы, адзенне перад прасаваннем не павінна было быць сухім, а павінна было знаходзіцца ў вільготным стане. Качалкі праіснавалі амаль да канца XX стагоддзя. Імі вясковыя жанчыны прасавалі ручнікі, посцілкі і нават самаробныя дарожкі.

 У сярэдзіне XVIII стагоддзя з’явіўся металічны прас (дэманструюцца металічныя прасы), у сярэдзіну якога закладвалася гарачае вуголле. Па баках праса былі зроблены адтуліны. Дзьмухнеш у дзірачку – і вуголле разгараецца. Такія прасы былі вельмі нязручныя. Па-першае, яны былі вельмі гарачыя, і жанчыны пад час прасавання часта апякалі рукі. Па- другое, прасы былі цяжкія. Вага некаторых даходзіла да 10 кілаграмаў. Былі прасы нават з трубой, праз якую выходзіў дым (дэманструецца прас з трубой).

 Маленькія металічныя прасы (дэманструюцца маленькія металічныя прасы) выкарыстоўвалі для прасавання карункаў, каўнераў і невялікіх дэталяў касцюма.

 У 1882 годзе Генры Сілі запатэнтаваў электрычны прас. Пасля гэтага пачалася гісторыя праса, да якога мы з вамі прывыклі. Але ў першых электрычных прасоў быў адзін недахоп – яны білі токам. І толькі праз дзесяць гадоў прас абнавілі, уставілі ў яго награвальны элемент, надзейна ізаляваны ад корпуса.

Сучасныя прасы робяць з металу і пластыку, “начыняюць” разнастайнымі функцыямі.

 Ручнік – рэч глыбока сімвалічная і шматзначная. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва, які адлюстроўвае нацыянальны каларыт, мастацкае светаўспрыманне, традыцыі беларускага народа. Ручнік – гэта кавалак тканіны абрадавага, дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння, сапраўдны шэдэўр, прыдуманы і выкананы рукамі працавітай жанчыны з прыроднага матэрыялу, тканы ці вышываны сімвалічнымі ўзорамі. Ён нясе ў сабе сілу прыроды і ўсё жыццё служыць чалавеку. Паспрабуйце адшукаць у нашым жыцці яшчэ такія рэчы, якімі карыстаемся так часта, як ручніком.

 На Беларусі ткацтва, а разам з ім і выраб ручнікоў, з’явілася ў глыбокай старажытнасці, прыкладна ў XI-XIII стагоддзі, і мела даволі высокі ўзровень развіцця. Да нашага часу дайшлі ручнікі, створаныя ў канцы XIX- пачатку XX стагоддзя.  

 У XX стагоддзі наступ машыннай індустрыі замяніў традыцыйныя рамёствы і абумовіў заняпад ручнога ткацтва ў вёсцы, а разам з гэтым і вытворчасць ручнікоў. Ручнікі прамысловай вытворчасці сталі выцясняць традыцыйныя ручнікі з ужытку. Да таго ж даўнія ўзоры ручнікоў знішчае час. Але ручнікі і сёння ткуць і вышываюць у розных кутках краіны, нягледзячы на тое, што лёгкая прамысловасць не толькі Беларусі, але і іншых замежных краін пастаўляе на наш рынак вялікую колькасць разнастайных па фактуры, матэрыяле і прызначэнні ручнікоў. У многіх беларускіх сем’ях ручнікі перадаюцца ў спадчыну і захоўваюцца як сямейныя рэліквіі. Імі не карыстаюцца ў паўсядзённым ужытку.

 Наш музей налічвае 40 ручнікоў, якія былі створаны ў перыяд з канца XIX стагоддзя і да канца XX стагоддзя. Яны розныя па матэрыяле, з якога зроблены, па фактуры і спосабу ткання, па вышыўцы і тых узорах, што на іх вышыты ці сатканы. Таму, маючы ў сваім арсенале толькі гэтыя ўзоры ручнікоў, можна прасачыць увесь шлях развіцця ручніка за стагоддзе.

 Як вядома, традыцыйны ручнік выраблялі з ільну. Ні адна культура на Беларусі не патрабавала столькі працы, як лён. Увесь год сялянка вырошчвала лён, абрабляла кудзелю, рабіла ніткі, ткала, вышывала ўзоры, вязала карункі, каб зрабіць ручнікі. Ільняное валакно было рознае, але на ручнікі ішло валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. Яно было тонкім і гладкім і называлася кужаль.

 Знаёмячыся з ручнікамі, створанымі ў пачатку XX стагоддзя, няцяжка заўважыць, што якасць палатна ў іх розная: адны белыя, другія шэрыя. Справа ў тым, што шэрыя палотны неадбеленыя і маюць натуральны колер лёну, а белым палатно робіць бяленне. Зрэбнае і кужэльнае палатно, а таксама намёты, параць у адвары попелу, мыюць, сушаць. Пасля пачынаецца другая частка адбельвання – на сонцы. У адных мясцовасцях палатно пасля паркі сцелюць на снезе, у другіх – на мокрую сенажаць, у трэціх – нанач на расу. Вылежваецца палатно на працягу 2-3 тыдняў. У другіх мясцовасцях маткі пражы вымочвалі ў шчолаку, залівалі ў жлукце, паласкалі і развешвалі на сонцы. Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі на роснай траве (прадвеснем на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі. Як бачым, нават у працэсе бялення нашы продкі выкарыстоўвалі прыродныя з’явы, энергію сонца і вады.

 Для атрымання ўзору бралі каляровыя ніткі. Да XX стагоддзя ткалі або вышывалі чырвонымі, а ў некаторых рэгіёнах (у тым ліку ў Жлобінскім раёне) рабілі ўзоры чырвонымі і чорнымі ніткамі. Ніткі маглі быць кужэльныя, суконныя, баваўняныя. У пачатку XX стагоддзя на ручніках часцей з’яўляюцца ўзоры, вышываныя рознакаляровымі ніткамі.

 Канцы ручніка абавязкова ўпрыгожвалі карункамі (вязанымі кручком ці фабрычнымі), махрамі, палоскамі чырвонага паркалю, арнаментальнымі прошвамі. На Жлобіншчыне ручнік заканчваўся карункамі.

 Арнамент беларускага ручніка багаты і разнастайны, да таго ж яшчэ глыбока сімвалічны. Да XX стагоддзя пераважалі геаметрычныя матывы або спалучэнне геаметрыі і расліннасці ў вышыўцы ці ткацтве. У пачатку XX стагоддзя і ў наш час на ручніках вышываюць раслінныя ўзоры. Тэхніка вышыўкі таксама разнастайная: крыжык, гладзь, гафт.

 Сёння для сучаснага чалавека створаны ўсе даброты жыцця. Жанчыны не клапоцяцца пра тое, як вырасціць добры ўраджай лёну, пераапрацаваць яго, якасна і прыгожа выткаць палатно. Не турбуе іх пытанне, дзе ўзяць тканіну і з чаго пашыць ручнік або адзенне. Яны проста ідуць у краму і набываюць усё, што ім патрэбна. Тыя ручнікі, якімі карыстаемся сёння, не традыцыйныя. Яны з’яўляюцца кавалкамі тканіны для пэўнага бытавога скарыстання, хаця маюць прыгожы выгляд і могуць задаволіць любы густ сучаснага чалавека.

 Канечне, радуе, што захаваліся на Беларусі сапраўды таленавітыя майстрыхі, здольныя перадаць на тканіне старажытныя сімвалічныя ўзоры, каб захаваць іх для былых пакаленняў.

 Ручнікі, створаныя ўмелымі рукамі нашых бабуль і прабабуль размаўляюць з намі на мове мінулых пакаленняў, нясуць на сабе адбітак светаўспрымання нашых продкаў. Хочацца, каб і наступныя пакаленні, якія будуць жыць пасля нас пазнаёміліся з узорамі саматканых ручнікоў і, дакранаючыся да льнянога палатна, змаглі адчуць цеплыню сонца, мяккасць кужалю, талент і вялікую працаздольнасць майстрыхі.

 

Станцыя “Прыказкі”

А. Калі ў хаце ціха —

Б. Што двор,

В. Якая гаспадыня,

Г. Хату мяці,

Д. Гаспадарку весці —

Е. Чым багаты,

Ж. У гасцях добра,

З. Дарагая тая хатка, 

 

1. такі і парадак.

2. а шуму вон не нясі.

3. не барадой трэсці.

4.не бярэ ліха.

5. а дома лепей.

6. то нораў.

7. дзе радзіла мяне матка.

8. тым і рады.

 

 

Адказы

Калі ў хаце ціха — не бярэ ліха.

Што двор, то нораў.

Якая гаспадыня, такі і парадак.

Хату мяці, а шуму вон не нясі.

Гаспадарку весці — не барадой трэсці.

Чым багаты, тым і рады.

У гасцях добра, а дома лепей.

Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.

 Станцыя “Печ і бабін кут”

1.З якой мэтай выкарыстоўваецца печ? (2б.)

2.Якія прылады працы знаходзяцца каля печы? (Лапата, качарга, ёмка(чапяла), вілы) (4б.)

3.Чым гляк адрозніваецца ад гарлача? (1б.)

4. Для чаго каля печы стаяла лапата? (1б.)

5. Якія беларускія стравы можна прыгатаваць пры дапамозе таркі? (3б.)

Станцыя “Рамёствы”

1. Назавіце экспанаты музея, якія зроблены ў тэхніцы даўбёжнага рамяства. ( Міска, ступа, начоўкі, апалушкі) ( 4б.)

2.Кавярзні, слепакі, шчарбакі, бяспятнікі, зрачыя, пахлапні, пахрасні, пасталы: якім адным словам можна назваць усе гэтыя рэчы? (Лапці) (1б.)

3.Што такое ганчарства? Назавіце экспанаты музея, зробленыя ганчарамі. (Падкова, засаўка, тапарышча, цяпка, нажніцы) (1б.+5б.)

4.Назавіце экспанаты музея, звязаныя з ткацтвам. (Прасніца, кросны, верацяно, калаўрот, сукала, матавіла, чаўнок, церніцы, ільнотрапалка, грэбень,пранік,  кужаль, ручнікі, посцілкі, налаўнік, сурвэткі, дарожкі) (17б.)

5.Якія экспанаты музея зрабіў бондар? (Кадобчык, маслабойка, кубак) (3б.)

 

Станцыя “Інтэр’ер”

1.Які механізм у сваім складзе змяшчае ставы, бёрда, набіліцы, панажы, кацёлкі? (Кросны) (1б.)

2.Назавіце экспанаты музея, пры дапамозе якіх асвятлялася хата. (Свяча ў падсвечніку, газавыя лямпы розных відаў) (2б.)

3. Якія рэчы захоўвалі ў куфры? (Адзенне, бялізна, тканіны, упрыгожванні, цэнныя рэчы, пасаг нявесты) (6б.)

4.Раскажыце, у якіх месцах хаты спалі. (на печы, лавах, палу(палацях) (3б.)

5.Што такое “чырвоны кут”? (2б.)

 

Станцыя “Загадкі”

1.Два парсюкі, а чатыры хвасты (лапці і аборы).

2.Вярхом сядаю, на каго, не знаю, знаёмага ўбачу – адразу саскочу (грэбень).

3.Тысячы брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны (сноп).

4.Маленькі, гарбаценькі ўсё поле абскача (серп).

5.Чым я больш кручуся, тым я больш таўсцею (серп).

6.Жоўценькі вепручок між загародак бегае (верацяно).

7.Новая пасудзіна, а ўся на дзірках (рэшата).

8.Белая кабыла ўвесь лес пераела (печ).

9.Баба старая цэлую зіму дзяцей абагравае (печ).

10.Чырвоны вол чорнага ліжа (агонь і чыгун).

11.Стаіць бычок, асмалены бачок (засланка).

12.Пад адной шапкай чатыры панічыкі жывуць (стол).

13.Без рук, без ног, а сарочку просіць (падушка).

14.Чорны конь лезе ў агонь (качарга).

15.Худая цыганка па золаце скача (качарга).

16.Сеў у вазок і паехаў у аганёк (вілы і чыгун).

17.Рагатыя, ды не бык, яду бяруць, а не сыты, людзям падаюць, а самі ў кут ідуць (вілы).

18.Ні свет ні зара, сагнуўшыся, пайшоў са двара (каромысел).

19.У аднаго парсюка два лычы (начоўкі/ночвы).

20.Хата кругом свеціцца (кошык). 

Мэта: садзейнічаць пашырэнню пазнавальных інтарэсаў вучняў, актывізацыі інтэлектуальных магчымасцей асобы, развіваць цікавасць да новых ведаў аб Беларусі, спрыяць выхаванню любові да Радзімы, пачуцця гонару за свой народ.

Ход мерапрыемства

Вучань чытае верш І.Скурко “Зямля бацькоў”

Зямля бацькоў, мая зямліца,

Блакітны ранак над табой.

Ты мой выток, мая крыніца,

І я – навек сын верны твой.

…Плыве пах кветак і жывіцы,

Не ціхне песня салаўя,

Дазволь жа нізка пакланіцца

Табе, бацькоў маіх зямля.

 

Вядучы знаёміць прысутных з правіламі гульні, журы.

Знаёмства з камандамі , іх назвамі.

                                        Першы раўнд “Размінка”

Пытанні для каманд (каманды даюць адказы па чарзе)

1.Беларускі шоўк (лён).

2.Другі хлеб для беларусаў (бульба).

3.Крылаты сімвал Беларусі (бусел).

4.Гаспадар Белавежскай пушчы (зубр).

5.Самае вялікае возера Беларусі (Нарач).

6.Грыб, які мае назву жывёлы (лісічка).

Другі раўнд “Знакамітыя імёны Беларусі”

1.Імя асветніцы беларускай зямлі , што нарадзілася ў Полацку (Еўфрасіння Полацкая).

2.Беларуская князёўна з трыма імёнамі (Рагнеда).

3.Прозвішча полацкага князя Усяслава (Чарадзей).

4.Князь Вялікага княства Літоўскага (Вітаўт).

5.Беларускі першадрукар (Францыск Скарына).

6.Прозвішча кіеўскага князя Яраслава (Мудры).

Трэці раўнд “Гарады Беларусі”

1.Цэнтр вытворчасці штучнага футра (Жлобін).

2.Горад у Гомельскай вобласці, у якім размешчаны малочна-кансервавы камбінат (Рагачоў).

3.Горад, у якім вырабляюць газавыя пліты (Брэст).

4.Горад, у якім вырабляюць трактары (Мінск).

5.Горад-цэнтр здабычы калійнай солі (Салігорск).

6.Горад, у якім вырабляюць шыны для машын (Бабруйск).

7.У якім горадзе знаходзіцца кандытарская фабрыка “Спартак”? (Гомель)

8.У якім горадзе знаходзіцца завод халадзільнікаў “Атлант”? (Мінск)

9.У якім горадзе вырабляюць паперу, сшыткі і фарфоравы посуд? (Добруш)

10.У якім горадзе знаходзіцца кандытарская фабрыка “Камунарка”? (Мінск)

11.У якім горадзе выпускаюць тэлевізары “Віцязь”? (Віцебск)

12.У якім горадзе выпускаюць камбайны і сельскагаспадарчую тэхніку? (Гомель)

Чацвёрты раўнд “Конкурс капітанаў”

Расстаўце радкі  так, каб атрымаўся верш.

1)І бярозавы ціхі гай

Беларусь мая, родны край

Неба чыстае і глыбокае

Беларусь мая сінявокая

2)Гэты край наш найдзівосны

Песні матчыны пяюць

Тут сыны ляцяць у космас

Беларуссю ўсе завуць

Пяты раўнд “Спадчына”

1.Як называецца народны лялечны тэатр? (Батлейка)

2.Як называецца зімовае народнае свята? (Каляды)

3.Як называецца своеасаблівы цэнтр сялянскай хаты? (Печ)

4.Як называецца дух дома , які аберагае дабро гаспадара, спрыяе яго дабрабыту і здароўю? (Дамавік)

5.Як называецца расліна, якую шукаюць у Купальскую ноч? (Папараць-кветка)

6.Як перакладаецца з грэчаскай мовы слова “біблія”? (Кніга)

Шосты раўнд ”Пошукі слова”

Знайдзіце агульнае слова да двух прапанаваных:

1.Застойны ці ледніковы (перыяд)

2.Шарыкавая ці дзіцячая (ручка)

3.Родны ці хросны (бацька)

4.Кулямётная ці льготная (чарга)

5.Шахматны ці хакейны (матч)

6.Дзіцячы ці вішнёвы (сад)

7.Гандлёвая ці геаграфічная (кропка)

8.Вучэбны ці гістарычны (працэс)

9.Жыццёвы ці хімічны (вопыт)

10.Дзявочая ці пясчаная (каса)

11.Партыйны ці слыхавы (апарат)

12.Хімічны ці злачынны (элемент)

Музычны нумар.

Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне пераможцаў граматамі.

Экскурсія “Беларуская хата”

Добры дзень, паважаныя госці! Рады вітаць вас у нашым музеі. Прапаноўваем вашай увазе пазнаёміцца з экспазіцыяй музея “Беларуская хата”. Наша экспазіцыя дае ўяўленне аб беларускай хаце пачатку XX стагоддзя. У невялічкай хаце светла ад пабеленай печы, белых гафтаваных фіранак на вокнах, падзорніку на палу, сурвэтак і ручнікоў, якімі ўпрыгожана ўся хата. Рэчы, якім 100 і болей гадоў, зробленыя з дрэва, металу, ільну, нясуць цеплыню дбайных рук нашых продкаў.

 Хату раней будавалі з бярвенняў. Простую мэблю, рэчы хатняга ўжытку таксама, у асноўным, рабілі з дрэва. Хата ўяўляла сабой адзін пакой. Столь падшывалася дошкамі, падлога спачатку была земляная, затым яе пачалі рабіць з гліны (называлася глінабітная), а ўжо пасля падлога стала драўляная.

 Чырвоны кут – галоўнае месца ў сялянскай хаце. Тут вісяць іконы (абразы). У праваслаўнай сям’і ікона вешаецца на сам кут, у католікаў – па сценах. У нашай хаце праваслаўных вернікаў знаходзіцца ікона 1903 года. Ікону абавязкова пакрывае ручнік-набожнік. У чырвоным куце стаіць стол, уздоўж яго – лавы. У будзённыя дні стол нічым не засцілаўся, а у святочныя дні стол засцілалі абрусам ці настольнікам. У калекцыі нашага музея ёсць некалькі абрусаў, выкананых у розных тэхніках прадзення і пляцення. Галоўнае, пачэснае месца на куце заўсёды займаў гаспадар, і нават, калі гаспадара не было дома, на яго месца ніхто не меў права садзіцца. Таксама на кут садзілі на вяселлі маладых, на радзінах і хрысцінах – кума і куму. А калі ў хаце хто-небудзь паміраў, то труну з нябожчыкам ставілі ў чырвоным куце.

 Царыцай хаты лічыцца печ. Печ – гэта сімвал цяпла, утульнасці, сямейнага ачага. Печ асвятляла хату: выграбалася вуголле на прыпечак і такім чынам давала святло. У печы гатавалі ежу. Печ абагравала хату. Печ лячыла, сушыла адзенне, абутак, лекавыя расліны, грыбы, ягады. На печы спалі, а пад печчу трымалі дровы і нават у марозныя зімовыя дні – маленькую свойскую жывёлу. У некаторых хатах у печы нават мыліся: выбіралі верхнія цагліны, залазілі ў печ, парыліся, а абмываліся ўжо перад печчу.

 У печы і на прыпечку стаяць гаршкі розных памераў для прыгатавання ежы, патэльня. Тут жа стаіць металічны прас. У сярэдзіну яго насыпалася гарачае вуголле, яно награвала прас, якім гаспадыня прасавала адзенне.

  Каля печы знаходзіцца бабін кут. Тут вісіць паліца для посуду. На ёй збаны для малака,гліняныя міскісітатаркалыжкі. Ёсць у нас драўляная міска канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Яе выкарыстоўвалі для падачы на стол свежай гародніны або квашанай капусты, салёных агуркоў. Пад паліцай на лаве размешчаны маслабойкікадобчыксамавар. Пад лавай стаяць начоўкі. У іх мылі бялізну, посуд, гатавалі ежу.

 У куточку каля печы рабілі качарэжнік – месца, дзе стаяць ухваты для гаршкоў (вілкі)патэльнікачаргадраўляныя лапаты для хлеба.

 Да печы прымацоўвалі пол (палаці), на якім спалі. Спалі таксама на лавах. Замест сучаснага матраца быў сяннік. Пад галаву падкладвалі верхняе адзенне, бо падушка з’явілася пазней. Падушкі засцілалі вышыванымі накідкамі. Пол упрыгожвалі падзорнікамдаматканым пакрывалам.

 У далёкай старажытнасці хата асвятлялася вугольчыкамі ад печы, лучынай на лучніку, свечкамігазавай лямпай. У музеі сабрана вялікая калекцыя газавых лямп. Ёсць лямпы з жалезным абажурамЛямпы для пакоя і для вуліцы (імі карысталіся, калі выходзілі на вуліцу ў цёмную пару сутак па гаспадарчых справах).

 Бялізну і адзенне захоўвалі ў куфры. Калі ў сям’і раслі дзяўчынкі, то ў куфар складваўся вясельны пасаг. Калі дзяўчыне спаўнялася 7 гадоў, разам з маці яна пачынала рыхтаваць на сваё вяселле пасаг. Яна вучылася абрабляць лён і воўну, рабіла ніткі, снавала кросны, шыла і вышывала. Пад час сватання сваты абавязкова правяралі начынне куфра: вялікі пасаг – працавітая нявеста, маленькі – лянівая.      

 Шафы на Беларусі з’явіліся толькі ў пачатку XX стагоддзя, іх сталі прывозіць з-за мяжы.

 У старыну амаль у кожнай хаце ткалі, таму ставілі ў ёй кросны – ткацкі стан. На ім гаспадыня ткала тканіну на адзенне, ручнікі, абрусы і і нават дарожкі для падлогі. Нашы кросны былі зроблены ў пачатку XX стагоддзя, яны не рабочыя, многія элементы кроснаў не захаваліся. Каля кроснаў стаяць калаўроты, пры дапамозе якіх рабілі ніткі, сукаламатавілы, на якія намотвалі ніткі пасля прадзення.

На гэтым наша экскурсія заканчваецца. Вялікі дзякуй за ўвагу. Калі ў вас узніклі якія-небудзь пытанні, з задавальненнем адкажам на іх.